СЛУ́ЦКІ РАЁН.

Размешчаны на Пд Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 40,5 тыс. чал. (2001, без г. Слуцк). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Слуцк. Уключае 209 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Акцябрскі, Амговіцкі, Беліцкі, Бокшыцкі, Вясейскі, Гацукоўскі, Грэскі, Знаменскі, Ісернскі, Казловіцкі, Кіраўскі, Ленінскі, Маяцкі, Паўстынскі, Першамайскі, Покрашаўскі. Рачкавіцкі, Сорагскі, Сяражскі.

Большая ч. тэрыторыі ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. паўн.-зах. — у межах Капыльскай грады. Паверхня пераважна раўнінная, 80% яе на выш. 160—180 м, 18% — на выш. 150—160 м. Найвыш. пункт 212 м на Пн ад в. Жылін Брод. Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, калійныя солі (паўн. ч. Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей). буд. пяскі. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для цэглы. Сярэдняя т-ра студз. -6.3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Случ з прытокамі Лакнея, Морач, Сівельга, Вясейка, Вял. Сліва. Вадасх. Рудня. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (34,2%), дзярнова-падзолістыя (29,8%), дзярновыя забалочаныя (14,7%), тарфяна-балотныя (13,6%). Пад лесам 23,6% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на Пн і ПнУ. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, трапляюцца асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 19%. пераважна хваёвыя. Пад балотамі 0,9% тэр. раёна, найб. Пціч, Верхслуч, Жукава. Чамярыца, Вял. Мох—Ямнае. У межах раёна помнік прыроды рэсп. значэння — насаджэнне лістоўніцы ва Урэцкім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 105,5 тыс. га, з іх асушаных 53,2 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 27 калгасаў, 1 саўгас, 19 фермерскіх гаспадарак, падсобная гаспадарка адкрытага акц. т-ва (ААТ) «Сельгасхімія», с.-г. прадпрыемствы ААТ «Крывая Града», «Эксперыментальная база «Танежыцы», даччынае Бел. чыгункі саўгас «Рачкавічы», арэнднае «Колас», с.-г. вытв. кааператыў «Селішча», племптушказавод. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы, цукр. буракоў, шматгадовых сеяных траў, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (сыр, вінна-гарэлачныя вырабы, воцат харчовы), буд. матэрыялаў (бетон, жалезабетонныя канструкцыі, пенапалістырол, палістыролбетон), паліўнай (торфабрыкет), металаапр. (вогнетушыцелі, садова-агародны інвентар); лясгас (драўніна, піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы — Асіповічы і Слуцк — Салігорск; аўтадарогі Мінск — Мікашэвічы, Асіповічы — Баранавічы, Івацэвічы—Старыя Дарогі і інш. У раёне 24 сярэднія. 9 базавых, 3 пач., 4 муз. школы, 3 школы мастацтваў, ПТВ, 26 дашкольных устаноў, 26 дамоў культуры. 12 клубаў, 40 б-к, 9 бальніц, 3 паліклінікі, 6 амбулаторый, 35 фельч.-ак. пунктаў, 2 дзіцячыя санаторыі «Случ» і «Сонейка». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 20 ст.) у в. Балотчыцы, Сямёнаўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Барок, касцёл езуітаў (1649) у в. Замосце, паштовая станцыя (сярэдзіна 19 ст.) у в.

Чырвонае Сяло. Выдаецца газ. «Слуцкі край».

Г.​С.​Смалякоў, В.​Б.​Шагімуратаў.

т. 15, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)